freya_victoria (freya_victoria) wrote in fem_books,
freya_victoria
freya_victoria
fem_books

Маргарыта Тарайкевіч

Поэтесса Маргарита Тарайкевич в подборке "Активист эпохи Бакумацу" перевоплощается в японского героя ХІХ столетия, который живет в смутную эпоху Бакумацу.
Originally posted by morreth at Це так прекрасно, що я майже ладна знову зацікавитися тією епохою та вивчити біларуську!
Нізка вершаў “Актывіст эпохі Бакумацу” (“Дзеяслоў”, №79)
АКТЫВІСТ ЭПОХІ БАКУМАЦУ
Калі прыплываюць чорныя караблі,
то шчыліны пакрываюць знаёмы свет.
Я не вандраваў па кнігах. Я запаліў
агонь на мяжы, як прывідны запавет.
Бяду і хімеры нёс ачышчальны дым,
кароткі палёт галавы ад рашучых плеч.
Я верыў, што ўсё рашаецца толькі тым,
што вось маё цела, краіна, і вось мой меч.
ЁСІДА СЁІН
Зоркі і дзеці мяне прабачаць.
Хлопцы, сэнсэй ваш - дзівак-няўдачнік.
У люстры смяротнага пакарання
што тут сказаць, як - «Шукайце самі!».
…Дзіўныя ветразі ў час даверу,
стойкія рэвалюцыянеры…
Ды пераможца свой ордэн новы
даў бы за практыкум дадатковы.

АЗІЯЦКІ ФІЛЬМ
сэнсэй мае быць старым і з выгляду кволым
герой прыхаваў майстэрства за вобраз сціплы
дзяўчына не больш за героя баіцца смерці
двубой будзе верным сігналам што блізка восень
шэры чорны і белы пыл
я ёсць
я
жывы
скажы што хацеў сказаць бо трымціць імгненне
нямым прамянём лязо ажыўляе сонца
бо тое не факт што вуснам не застыць раней чым
у гарызантальным стане як ёсць раскажаш
шэры чорны і белы пыл
я ёсць
я
жывы
бо гонар глыбакаводнаму рэжысёру
які захавае класіку ад шаблону
шануючы і традыцыі і адвагу
герой вінаваты сам што раней не мовіў
шэры чорны і белы пыл
я ёсць
я
жывы
яна не баіцца ўмерці больш чым сазнацца
ды толькі ў руцэ спыніла адрэзак часу
кароткі бо ты не ведаеш ці галоўны
герой ты ў гэтым неспадзяваным фільме
шэры чорны і белы пыл
я ёсць
я
жывы
што ж зніклых імгненняў не падбярэш са сцежкі
тым больш што па яе пылу твой вораг крочыць
адно застаецца ў меч абярнуўся просты
твой шлях і хто можа ведаць калі абрубіць
шэры чорны і белы пыл
я ёсць
я
жывы

RYOMA GA YUKU,
ЦІ МІФ ПРА САКАМОТО РЫЁМУ
Нехта золатам вышываў
храмы з плыняў гарачай лавы…
А Рыёма быў раздзяўбай,
і вучыўся таму, што цікава.
Ня зямлі, дзе шануюць кроў,
алергія зноўку на змены,
а Рыёма нат перамог -
напалову. І то ўжо нядрэнна.
Карабель праплывае віры
звыклых прыпавесцяў і новых
заказух. Але штурман гарыць
смехам радасці, цацкі, абновы.
Трупы будуць каля бартоў
праплываць - у трызненні здані;
пушкі будуць страляць з бакоў,
а Рыёма - у праектаскладанні.
Хітакіры - як той панос:
тут заўжды, як найменей трэба;
але чорт так краіну панёс -
мо і лепей калі то на неба.
Ды што там паўтараць азы,
пачытайце мо ў Антрэкота.
А на небе зоры-крыжы,
а пад імі - агні, што для ўзлёта.
А ў пакоі каля вакна -
шафа кніжная, што ня скажа,
што Рыёма быў раздзяўбай.
Зрэшты, правільна. Бо хлусня жа.
ОКІТА СОДЗІ
жыццё па кароткай праграме
фенаменальныя здольнасці
да фехтавання
чырвоныя кветкі
ў чорнай начной вадзе
здаецца што на радзіме
хапае сваіх мярзотнікаў
а я вось чытаю пра Сінсэнгумі
кветкі ўначы
не сустрэнуцца
з цёмнай рачной вадой
і лязо яго не напаткае
чорную котку смерці прадвесніцу
як не ганіся за ёю скончылася
жыццё а калі б не жорсткасць
мо болей
было бы гэтакіх вершаў
і кветкі з начной вадой
здолелі бы
сустрэцца
і трапныя рукі мечніка
спаймалі б ката і
прытулілі
бы
ягонае мяккае цела
да хворых грудзёў
і ён бы мурлыкаў
і
ў апошнюю ноч
кветкі з начной вадой
бы
сустрэліся
ФАТАГРАФІЯ
снег пачынае падаць
павольна
няўмольна
пакрывае
фатаграфію
асядае
на плячах і
хавае
хавае
проста ў зрэнку
чорнае
фотакамеры
паглядзеў ды фатограф
падкарэктаваў патрэбны
вугал позірку
сфатаграфавацца
перад такімі справамі
мабыць варта
асацыяцыі
дзьве ў маім іншаземным
сэрцы з Хокайдо
снег
і
Хідзіката

РЭСПУБЛІКА ЭДЗО
Імёны, людскія долі
збіраюцца ў боль імглы,
а ты сабе не дазволіш
ужо развязаць вузлы.
Цягнік ідзе да абрыву,
бо гонар скаваў свой шлях.
Ідзеш ад вясны бурлівай
у вечных спачыць снягах.

***
а я ўсё адно цягнуся на поўнач
з абодвух бакоў высакародныя
храбрыя людзі
з абодвух бакоў раўнадушныя
гульні палітыкі
з абодвух бакоў прадсмяротныя
шчырыя вершы
і падае замак за замкам
на востраве Эдзо
а я прынцыпова іду на поўнач

***
Чырвонага многа. Трагедыя робіць трэнд,
паклон Курасаве за рэалістычнасць працы, -
а ў гэных таварышаў здарыцца хэпі-энд;
канешне, я пра Кацуру і Ікумацу.
Чыноўніцай зробіць гейшу яе ваяр
за рызыкі ў жанры «паплечніца-інфарматар» -
дый жэніцца нат. Жыццё - неацэнны дар,
прынамсі, пасля чаргі непазбыўных стратаў.

КАЦУ КАЙСЮ
думаць над ракіроўкаў і сябраваць з усімі
горкая расстаноўка трызніць перад вачыма
а маладыя твары пілі са мной знікалі
там дзе нясуць пажары звон вызвалення сталі
старасць падаравала п'есы канец пабачыць
што мяне ўратавала розум ці толькі ўдача
ці пацыфізм дзівосны ці любазнаўства сіла
ці мо пакой сяброўскі з шахматнай дошкай мілай

СНЕГ АТЛАНТЫДЫ
снег Атлантыды
тварам сівым сустракае
інспектар Фудзіта
паралельна
гарызонту дастаў катану і так
з ветрам вітаўся
інспектар Фудзіта
не пісаў
ані вершаў ні прозы
самурай
які перажыў
прычым паспяхова мадэрнізацыю
яшчэ перажыў
мноства таварышчаў і пасля
вайны зрабіўся маўклівым
стаўся легендай
паліцыі Токіо заслужыў
снег Атлантыды

ПРАСВЯТЛЕННЕ
толькі сад
толькі храм
толькі
румяны досвітак
срэбра на крохкім лісці
на доле які падмятае
храмавы вартаўнік
стары
Сімада Каі
усё тое што можна выкінуць з галавы
знікае
няма
грамадзянскай вайны
няма
знікнення герояў і самураяў
толькі храм
толькі сад
толькі стары
шпіён Сінсэнгумі Сімада Каі
усміхаецца
стары бяззубы ваяр
калі б хто падваліў знянацку то паспрабаваў
бы як можа адбіцца
мятлой стары фехтавальшчык
ды няма
ні злодзеяў ні хуліганаў
ёсць
на жабрацкім заробку працуе
Сімада Каі
няма
ані новага ўрада
на які працаваць адмовіўся
ані
мадэрнізацыі
ёсць
дзеці якія шчэ спяць
хутка яны прыбягуць
у сад дзе іх пачастуе
нечым салодкім Сімада Каі
няма
ні паразы ні ворагаў
ёсць
магілы тых ваяроў
што годныя незалежна ад знакаў
ёсць тыя хто выжыў з абодвух бакоў
ёсць
інспектар Фудзіта Горо
ў якім праглядаецца Сайто
і ёсць
ён той жа Сімада Каі
толькі сад
толькі храм
толькі штаб
Сінсэнгумі толькі
яны
таварышы-ваяры
час з'яднаўся навошта
жыць у часе
ён жыве
ў гэтым храме які быў калісьці штабам
у гэтым штабе што не перастаў быць храмам
старасці смерці
няма
гэта ілюзія
ёсць сінсэн
ёсць
Сінсэнгумі
і ёсць
у скрынцы ягоныя мемуары
і ёсць
куды ён падзенецца той
заўжды прынцыповы шчаслівы той самы
Сімада Каі
Tags: 21 век, Беларусь, Европа, беларусский язык, поэзия
Subscribe

Recent Posts from This Community

  • Post a new comment

    Error

    Comments allowed for members only

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 4 comments